Белорусы Москвы
Белорусы Москвы
Для кого этот сайт?
Для нас, белорусов, находящихся в Москве.
Сустракаем Каляды!
Главная > Места, люди, факты > Сустракаем Каляды!

Свята Каляд – адно з тых самых святаў, якія ўвесь хрысціянскі свет чакае з асаблівай радасцю і стараецца сустрэць найбольш урачыста. Горад і вёска, стары і малы – усе рыхтуюцца сустрэць свята як мага лепш, але ў горадзе гэта не так прыкметна, як у вёсцы. У вёсцы падрыхтоўка да свята пачынаецца аж з першага тыдня посту і скончваецца Куццёй – дзень напярэдадні Каляд.

Што такое Каляды? І чаму хрысціянскае свята нараджэння Хрыстова супадае з такой з'явай, як калядаванне? Ці гэта беларуская назва хрысціянскай урачыстасці? А можа, зусім асаблівае "мерапрыемства"?

Да пачатку XX стагоддзя такое свята як Новы год амаль што не існавала. На першае месца выходзілі ў беларусаў Каляды і Нараджэнне Хрыстова. Тое, што Новы год з'яўляецца галоўнай зімовай урачыстасцю – гэта вынік савецкай улады (усім вядома, што гэта час атэізму і аб ніякім Нараджэнні Хрыстовым гутарка і не вялася). Каляды і Нараджэнне – гэта традыцыі, вытрыманыя часам. Што тычыцца Новага года, то захаваліся сведчанні, што продкі сустракалі яго 1 сакавіка, як сімвал пачатку новага жыцця. Толькі ў 1584 годзе (часы існавання Вялікага княства Літоўскага) з увядзеннем грыгарыянскага календара з'явілася традыцыя сустракаць Новы год на дзяржаўным узроўні 1 студзеня.

Тое, што Каляды супадаюць з Нараджэннем Хрыстовым – вынік розных рэлігійных змен, якія адбываліся ў Сярэднявеччы. Калі на нашы землі прыйшло хрысціянства, старая вера пачала забараняцца, на месцы паганскіх капішчаў будаваліся храмы новай рэлігіі, замест старых святаў з'яўляліся хрысціянскія – так лягчэй было перавесці ўсiх на новае веравызнанне.

Каляды – гэта вельмі старадаўняе паганскае свята, звязанае з зімовым сонцастаяннем, з нараджэннем ідала Дажбога. У нашых продкаў лічылася, што абуджэнне яго значыць паварот да вясны: дзень становіцца даўжэйшы, скора скончыцца зіма, пачнецца час цяпла і розных зямельных прац. На гэтую касмічную з'яву выпадае і Нараджэнне хрысціянскага абаронцы – Хрыста. Традыцыі Каляд пасля прыняцця новай веры не забыліся і паспяхова ўвайшлі ў хрысціянства і разам з ім дайшлі да нашых дзён. Таму можна сказаць, што Нараджэнне Хрыстова – гэта часткова Каляды, а Каляды – гэта часткова Нараджэнне Хрыстова.

Само свята Каляды працягвалася не адзін дзень. Калі паглядзець царкоўны каляндар, то яно ахоплівае і Нараджэнне Хрыстова, і Дзень Васілія Вялікага, і Хрышчэнне Ісуса. Сюды ж уключаецца і Новы год.

Першы дзень святочных мерапрыемстваў - 24 снежня (па праваслаўным календары – 6 студзеня), калі продкі сустракалі Каляду – Боскую Маці Сонца. На Куццю гатуюць і багата іншых страў, але самая галоўная з іх – куцця. Яе гатуюць з раніцы. Як толькі зойдзе сонца, уся сям'я апранаецца па-святочнаму, стол засцілаецца сенам і накрываецца белым абрусам. Пасля малітвы садзяцца за стол, п'юць спачатку гарэлку, а потым падаецца ежа ў такім прыблізна парадку: селядцы з алеем, боршч з грыбамі, рыба, пампушкі, бліны, кісель і, нарэшце, куцця. У народзе гэты вечар пачалі называць "вялікай куццёй". Усе смачнасці рабіліся поснымі, сярод іх часцей за ўсё былі квас з грыбамі, аўсяны кісель, адвар з высушаных яблык. Вячэраць сядалі пры ўзыходзе першай зоркі, пры гэтым запальвалі на куццi свечку. Пад абрус клалі сена ці салому – як напамін пра тое, што Ісус нарадзіўся ў хлеве. Аднак некаторыя этнографы лічаць, што сена клалі і ў паганскія часы, як сімвал урадлiвасці.

На наступны дзень святкавалі непасрэдна Каляды ў цесным сямейным асяроддзі. З гэтага дня пачыналі хадзіць калядуючыя – невялікія групкі маладых людзей, якія спявалі калядныя песні, праслаўлялі святы вечар і гаспадароў, а тыя стараліся пачаставаць гасцей чым-небудзь смачным. Калядуючых суправаджала "каза" – апрануты ў кажух вясёлы юнак – галоўная дзеючая асоба свята. Уся гэтая "паганская" гульня праходзіла пад шумныя песні, з поўнымі чаркамі, смачнымі разнастайнымі падарункамі, якія ішлі на агульны стол (раней вясковыя жыхары гулялі ўсе разам). Не абыходзілася свята без музыкаў, папулярнасцю карысталіся танцы, асабліва "Лявоніха", розныя гульні. Сярод апошніх вядома такая як "Вяселле Цярэшкі". Сутнасць гульні ў тым, што ўсё праходзіла ноччу і ў самай вялікай хаце. На працягу некалькіх дзён "бацькі" выбіралі жаніха і нявесту, потым сваталі іх і жанілі. Усе абрады вяселля былі як сапраўдныя, і прыгатаванне да іх пачыналася яшчэ з восені.

Шчодры вечар – другі этап свята. Сталы ламіліся ў першую чаргу ад мяса рознага выгляду – вяленага, смажанага, варанага, вэнджанага. Таму і вечар называлі шчодры, мясны, тлусты, тоўсты ці багаты. Сама куцця запраўлялася маслам ці мёдам.

Акрамя гульняў, песень, танцаў, асаблівасцю гэтага дзіўнага зімовага свята была варажба. Канешне, самая цікавая хвіліна для незамужнiх дзяўчат. Каб разгадаць свой будучы лёс, яны бегалі пад вокны суседніх дамоў, сыпалі зерне аўса ці канаплі, прыслухоўваліся да святочнай размовы. Што першае пачуецца – гэта і ёсць будучыня. Калі чулася: "Не спяшайся, пасядзі яшчэ" – значыць, сядзець у дзяўчатах яшчэ год. Цi наадварот: "Ну вось прыйшоў час! Пайшлі ўжо! Дзяўчаты, напрыклад, любiлi такое гаданне: у хаце сыпалi на дошку зерне, побач клалi кавалачкi глiны, налiвалi ў талерачку вады, побач ставiлi люстэрка. Упускалi ў хату пеўня i назiралi за iм. Калi ён кляваў зерне, значыць, дзяўчыне быў суджаны багаты жанiх; калi падыходзiў да глiны – спадарожнiцай магла бяда быць; калi певень пiў ваду – муж мог аказацца п`янiцай, а калi падыходзiў да люстэрка – яшчэ горш: муж мог аказацца i гулякам. Цi такiя варожбы: перад сном кладуць пад падушку рэшткi ежы i запрашаюць прыйсцi жанiха на вячэру. Мужчына, якi прыснiцца, i будзе жанiхом; носяць дровы ў хату, а пасля падлiчваюць, цотная (цот) цi няцотная (лiшка) колькасць пален прынесена. Цот прадракае жанiха-хлопца, а лiшка – удаўца."

Яшчэ вядомы такі спосаб пазнаць будучае ў жыцці – кінуць бот праз правае плячо, як ён упадзе (носам да дому ці наадварот), значыць, такім і будзе існаванне ў наступным годзе – ці замужжа, ці не. Таксама варажбавалі і з агароджай: колькі досак абдымеш дзвюма рукамі (цотная лічба – будзе вяселле, няцотная – будзеш у дзеўках да наступнага году). Самай жудаснай была варажба з люстэркам. Для гэтага апоўначы, звычайна ў лазні, на стол ставілі люстэрка, а перад ім – свечку. Насупраць люстэрка размяшчалі яшчэ адно – меншага памеру, так, каб, гледзячы ў яго, атрымлiваўся бясконцы "калідор". Там можна было ўбачыць суджанага.

Трэцяя куцця, апошняя, святкавалася 5 (па праваслаўным календары 18) студзеня, называлася поснай. У гэты дзень звалі вячэраць... мароз. Гаспадар выходзіў на двор і гукаў: "Мароз, мароз, хадзі куццю есці!". Усе сядалі за стол, і кожны спрабаваў унаравіць мароз, каб зіма была нехалоднай, вясна – цёплай, а ўраджай – багатым. Калі назаўтра надвор'е станавілася больш мяккім, лічылася, што госцю спадабаліся пачастункі. З ранiцы гаспадыня пякла бліны, а гаспадар з першым блiнам выходзіў на вуліцу: частаваць мароз. Каляды – своеасаблівы абрад развітвання. Над ганкам, над варотамі, над уваходам у хлеў ды над іншымі гаспадарчымі памяшканнямі маляваў крэйдай крыжыкі. Аднак апошнім калядным днём на Беларусі лічылася 21 студзеня. Тады святкавалі развiтанне з Калядамi.

У народным календары існуе шмат прыкмет, звязаных з Калядамі. Калi на Каляду цёпла – вясна будзе халодная. На Каляду сонца гуляе. На Каляду iней – да ўраджаю на хлеб, снег – на ўраджай арэхаў. Снег глыбокi – год добры. Мяцелiца – будзе шмат мёду, зорная ноч – ураджай гароху будзе. Калi ў гэты дзень снежны буран – у час жнiва можа быць макрата i гразь, але пчолы будуць добра раiцца. Калi ж iдзе дождж цi мокры снег – сенакос дажджлiвы будзе. Капеж са стрэх на Каляду – восень гнiлая будзе, бульба можа вымакнуць. Якое надвор`е пасля Каляды, такое ж будзе i пасля Пятрова дня (12 лiпеня).

Нараджэнне Хрыстова

Што тычыцца Нараджэння Хрыстова, дык да IV стагоддзя канчаткова сфарміраваліся правілы яго святкавання. Да гэтай святой урачыстасцi вернiкi рыхтуюцца вялікім саракадзённым пастом, які называецца Нараджэнскім, цi Фiлiпаўскiм, які заканчваецца ў канун свята – сачэльнік (24 снежня, у праваслаўных – 6 студзеня). У гэты дзень, па царкоўных традыцыях, ядуць сочыва – пшанічнае зерне, папярэдне размочанае вадой, але толькі пасля з'яўлення першай вячэрняй зоркі – увасаблення Віфлеемскай.

Вельмі складаная сістэма розных царкоўных набажэнстваў: свая асаблівая малітва на кожны дзень тыдня, на які выпадае свята. Нядзеля – чытаюцца так званыя Царскія часы, успамінаюцца розныя Старазапаветныя прароцтвы і падзеі, звязаныя непасрэдна з жыццём Хрыста. Субота – літургія Васілія Вялікага, звычайныя дні – літургія Іаана Златавуста і гэтак далей.