Масленіца – традыцыйнае народнае свята беларусаў. Масленка, Запусты, Запусная нядзеля; а таксама Сырная седміца, Сырны тыдзень – сінонімы масленіцы.
Першы день Масленкі называлі “Сустрэчай” ці “Стрэчанне”. У гэты дзень Масленку сустракалі і велічалі.
Другі дзень Масленіцы называўся “Зайгрышы” ці “Загвіны”. У гэты дзень каталіся з гор, каб доўгі лён рос.
У сераду на Масленіцу цешчы пяклі бліны і чакалі да сябе ў госці зяцёў, каб пачаставаць іх сваімі смачнымі блінамі.
У чацвер беларусы святкавалі дзень святога Уласа — абаронцы хатняй жывёлы. Аб’язджалі маладых коней, слухалі, ці не праспявае першы раз жаваранак. А яшчэ ў гэты дзень ушаноўвалі маладых, якія пажаніліся ў гэтым годзе, і хадзілі ў лазню.
На Масленіцу быў яшчэ звычай “Калодкі вешаць”. Вешалі калодкі тым хлопцам, якія яшчэ не ажаніліся.
Пяты дзень Масленіцы называўся “Цешчыны вячэркі”. У гэты дзень зяці сваіх любімых цешчаў у госці запрашалі.
У суботу ладзіліся залоўкіны пасядзелкі, калі гасцявалі адзін у аднаго сваякі, а моладзь запрагала ў сані коней з аздобленаю стужкамі і званочкамі вупражжу.
Апошні дзень Масленіцы ў народзе называўся “Прабачальная бяседа”. У гэты вечар усе родныя прасілі прабачэння адзін у аднаго. Звычайна казалі: “Прабач, калі саграшыў перад табой справай ці языком”, потым абдымаліся і цалаваліся.
малюнак: Манета «Масленіца», 20 рублёў. National Belarusian Bank, S.Zaskevich (Belarus)