Белорусы Москвы: BelMos.ru
Новость проекта от 07.05.2015
Адрес в Интернет: https://www.belmos.ru/news.php?id=265 


70 год Перамогі

Анатоль Вярцінскі

Рэквіем па кожным чацвёртым

У часе мінулай вайны загінуў кожны чацвёрты беларус.

З дакумента

Ой, хацела мяне маці за чацвёртага аддаці...

З народнай песні

Вы бачылі лес,

дзе прагал скразны?

Скажыце, вы бачылі бор той,

дзе кожнай другой няма сасны

ці сама меней — чацвёртай?

Тое ж было з народам маім.

Сякера ваеннай навалы

прайшлася бязлітасна па ім,

і — прагалы, прагалы.

Яны і сёння не зараслі,

свіцяцца прасторай мёртвай...

Вы бачылі лес,

дзе прагал скразны?

Скажыце,

вы бачылі бор той?

Зямля мая бой прымала

ад стара і да мала,

ад стогадовага Талаша

Да Казея — малыша.

I падаў, распасцёрты,

кожны чацвёрты.

Часта згаралі знічкі тады.

Быў небасхіл чорны.

А на зямлі стылі сляды —

кожны чацвёрты.

Мір асвятліў нас сваім святлом.

Грымелі ўрачыста акорды.

Толькі не быў за святочным сталом

кожны чацвёрты.

Доўга не трацілі ўдовы надзей,

доўга чакалі маці дзяцей.

Не верылі ўеё, што мёртвы

кожны чацвёрты.

Помнім болі і страты свае.

Памяць шуміць, як чароты.

О, як нам вас нестае —

кожны чацвёрты!

Кожны чацвёрты быў мёртвы —

мір і спакой ім вечны!

Кожны трэці быў змораны,

скалечаны і знявечаны.

Кожны другі на целе

меў раны, апёкі ці шрамы.

I ўсе мы, усе мы мелі

на душы сваёй раны.

Зеўралі* ямы, траншэі,

зеўралі печы ў друзе** —

ранай адной страшэннай

на целе маёй Беларусі.

Частка трэцяя

Лічым: чацвёрты кожны.

А можа, кожны трэці?

Голадам падкошаныя,

паміралі дзеці.

Яшчэ мы не ўлічылі

тых, што лячылі раны,

раны не залячылі,

рана паміралі.

Колькі прапала без вестак,

без пахаванняў, памінак!

А колькі потым дзетак

Узарвалася на мінах!

Лічым: кожны чацвёрты,

а той рахунак прыблізны,

а той рахунак няцвёрды,

а ўрон яшчэ больш вялізны.

Не забываецца той урон,

не зарастаюць прагалы...

«Дзеці, вы вывучылі урок?

Дзеці, вы праспрагалі?

Я іду,

ты ідзеш,

а ён не ідзе,

ён мёртвы.

Я пяю,

ты пяеш,

маўчыць кожны чацвёрты.

Мы ідзём,

ідзеце вы.

Грунт пад нагамі цвёрды.

Яны не ходзяць — не жывы

кожны чацвёрты.

Любім мы,

любіце вы.

Колькі травы,

ліствы,

сінявы! —

Хоць сэрца насцеж разгортвай.

А каб яшчэ ды быў жывы

кожны чацвёрты!

* зеўралі — тут: былі бачны.

** друз — тут: маса з бітай цэглы, камення.




Распечатано с сайта "Белорусы Москвы": BelMos.ru