Белорусы Москвы: BelMos.ru |
Творчество Адрес в Интернет: https://www.belmos.ru/creation.php?authr=3 |
Каханне
Каханне- вечныя ўспаміны
І сёння розніцы няма,
Ці хто мяне калісь пакінуў
Ці так зрабіла я сама.
Каханне – гэта пакаранне
І першы раз і раз другі,
І не знайсці утаймавання
Салодка-горкае тугі.
Каханне – боль такі вялікі,
Прайшоў наскрозь маё жыццё.
Ці можна весці з тым разлікі,
Хто ад жыцця даўно уцёк?
Каханне – лёс наканаваны,
Яго, як крыж з сабой нясу.
Яно да сэрца прыкавана,
А я ратунку не прашу.
Каханне ёсць яшчэ такое,
Што дасць у рукі мне дзіця,
Яго я п’ю штодня запоем,
Яно – працяг майго жыцця.
Каханне – кветка, што шукаюць
Ідуць, знайшоўшы да вянца.
Каханне – песня, што спяваюць,
І гэта песня без канца.
Начны маналог
( песня )
Я еду праз горад начны,
У цемру гляджу праз акно,
Напэўна, табе сняцца сны,
Бо ў доме святла не відно.
Застукала сэрца мацней,
І твар палымнее агнём,
Цябе я наведаю ў сне,
Як будзе насупраць твой дом.
Вазьму за руку, павяду
Туды, дзе хадзілі з табой,
Да жыта, у луг, на граду,
Дзе плачуць чаромхі вясной.
Іх слёзы-пялёсткі, як снег
Валосы пакрыюць твае,
Звянчайся са мной, хоць у сне,
Жыццё не дало мне цябе.
Рытмічна калыша цягнік,
Але мне не спіцца цяпер,
Як і ў найлепшыя дні,
Люблю, дарагая, павер.
І стукае сэрца мацней,
І твар палымнее агнём.
Ці адбылася сустрэча у сне,
Калі быў насупраць твой дом?
А букет чаромхі пахне
Вельмі часта праглядаю
Фатаграфіі свае
І здаецца, пабываю
У той даўняе вясне.
Вось на здымку я з букетам,
З тым, што ты мне падарыў,
І яскрава помню гэтак,
Што тады мне гаварыў.
Помню дзень і помню дату,
Сэнс даўно чаканых слоў.
Ты сказаў:
- Прыйду у сваты! –
Ды чамусьці не прыйшоў...
Слёзы дробныя упалі
На даўнейшы мой партрэт,
Гэта ж, пэўна, кветкі зналі.,
У чым здрады той сакрэт.
А букет чаромхі пахне,
Нават восенню, зімой.
І не вяне, і не чахне
І, здаецца: ты са мной.
Стварыце ідэал
Не адарыў вас Бог каханнем,
Стварыце ўяўны ідэал
I дайце розуму заданне
Падняць яго на п'едэстал.
Схiлiце галаву ў паклоне
I памалiцеся яму,
Ніколі ён вас не прагонiць
I будзе вас любiць адну.
Заўсёды будзе з вамi побач,
У раннi, вечарам і днём,
Не чалавек ён і не робат,
Хутчэй за ўсё - ён ваш анёл.
Засцеражэ вас ад самоты,
Як зорка, уперад павядзе,
3 ім на рабоце і з работы,
Ён з вамі ў горы і ў бядзе.
Магчыма, з'явiцца аднойчы
Прыгожы, добры I жывы
Ці светлым днём, цi цёмнай ноччу
Пазнаць яго сумейце вы.
Што такое жанчына
Ой, колькі на свеце вялікіх паэтаў,
І колькі разумных бытуе вучэнняў,
Але ж дасканала ніхто з іх дагэтуль
Каханню і шчасцю не даў азначэння.
Даўно ўжо вядома: адно і другое
Жанчына душой і рукамі стварае,
І ўсё, што ў жыцці для людзей дарагое,
Яна, як знікае, з сабой забірае.
Ці можна сказаць, што такое жанчына,
Калі яна больш за каханне і шчасце,
Калі яна вечная іх гаспадыня?
Хто можа, прашу вас, жанчыну азначце.
Я ведаю: скажуць – вячэрняя зорка,
Сяброўка. каханка. для некага мама,
Яна – педагог, працаўніца, дакторка...
Ой, мілыя людзі, як сказана мала!
Названне жанчына – багам падуладна,
А вашы дарэмна, сябры, ўсе старанні.
Ніхто ёй не дасць азначэння дакладна,
Як шчасцю людскому, зямному каханню.
Прыміце жанчыну, як лепшы дар неба.
Як хлеб і паветра, як радасць і мукі,
І хто яна ёсць, тут і думаць не трэба.
А лепш беражыце, цалуйце ёй рукі.
Голас Радзімы
( песня )
Голас Радзімы
крык жураўліны
цягне, як нітку касяк.
Покліч журботны
птушак балотных
нам не забыць аніяк.
Голас Радзімы
горкі ад дыму
спаленых вёсак і сёл.
Плач-галашэнне –
нас на маленне
кліча царква і касцёл.
Голас Радзімы
ў песнях любімых
даўніх, мінулых гадоў.
Вёсен гуканне,
мілых прызнанні
і памінанне дзядоў.
Голас Радзімы-
звон ручаіны
ў зорнай начной цішыні.
Сумнай часінай,
вольнай хвілінай
у бок Беларусі зірні.
Голас Радзімы –
роспач жанчыны,
здрадзілі ціха якой.
Птушкай вярніся
і пакланіся
мілай Радзіме, святой.
Ніна Маркаўна Захарэвіч (Лашук) нарадзілася 23 мая 1933 года ў вёсцы Старыя Габы Мядзельскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям'і. У 1938-м сям'я пераехала на хутар Тэраз-Двор, што за два кіламетры ад роднай вёскі.
Н. Захарэвіч завочна скончыла фізмат Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага (1958).
Працавала настаўніцай у вёсцы, інспектарам РАНА, дырэктарам СШ № 1 г. Паставы, працяглы час выбіралася на пасаду старшыні райкама прафсаюза работнікаў асветы і навуковых устаноў. 3 1988-га — на пенсіі.
Ніна Маркаўна Захарэвіч расла ў акружэнні прыроды, з дзяцінства цягнулася да паэзіі. Часу бракавала, але вершы не пераставала пісаць. Іх ахвотна друкавалі пастаўская, мядзельская, калінкавіцкая, валожынская раённыя газеты. Былі публікацыі ў дзвюх віцебскіх абласных, у “Настаўніцкай газеце”, “3вяздзе”, “Голасе Радзімы", у “ЛіМе” і часопісах “Роднае слова”, “Гаспадыня”, “Работніца і сялянка”, “Вожык”. Яе вершы гучалі па рэспубліканскім радыё.
Была пераможцай конкурсу прыпевак, якія праводзіліся газетамі “3вязда” і ”Рэспубліка”, лаўрэатам другога месца II Усебеларускага фестывалю гумару ў Аўцюках у намінацыі “Аўтарская байка”. Аказвае пастаянную дапамогу ў падрыхтоўцы фестываляў “3віняць цымбалы і гармонік”, за што ўзнагароджана Ганаровай Граматай Міністэрства культуры РБ.
Усе вершы надрукаваны ў чатырох зборніках. У 1995г. Быў надрукаваны зборнік “Дарыце маці кветкі”. У 2002г. Выйшлідва зборнікі “Жнівеньскі вецер” і “Бэзавы цвет” у Мінскіх выдаветствах. І вось апошні зборнік “Расінка на дрэве”.
Вершы Ніны Маркаўны Захарэвіч вядомы не толькі ў Беларусі, але й далёка за яе межамі. Эстонскае радыё неаднаразова апавядала пра яе творчасць. Песню "Голас Радзiмы", якую напісаў на яе словы кампазітар А.А. Собаль, з ахвотаю спяваюць канадскія ды аўстралійскія беларусы. Творы Ніны Маркаўны друкаваліся ў газеце "Сябры", што выдаецца ў Маскве, дзе зараз жывуць яе дзеці і ўнукі."
11 кастрычніка 2005 г. Ніны Маркаўны не стала...