Белорусы Москвы: BelMos.ru
Новость проекта от 30.01.2012
Адрес в Интернет: https://www.belmos.ru/news.php?id=145 


Чарговая імпрэза "Беларусаў Масквы"

20 студзеня Нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусы Масквы” сумесна з Маскоўскім домам нацыянальнасцяў правялі літаратурную вечарыну, прысвечаную мастацкім творам маскоўскіх аўтараў, што летась выйшлі з друку.

Вечарыну распачалі уступным словам намеснік дырэктара МДН Алесь Панамар і старшыня НКА “Беларусы Масквы” Сяргей Кандыбовіч.

Вядучы імпрэзы, намеснік рады НКА “Беларусы Масквы” Алесь Глод, расказаў пра чарговы зборнік паэзіі вядомага паэта, празаіка і перакладчыка Івана Бурсава.

Іван Цярэшкавіч добра знаёмы чытачам перакладамі на рускую мову вершаў беларускіх паэтаў, творамі для дзяцей.

На жаль, сам паэт не змог прысутнічаць асабіста, і з гісторыяй шматгадовай карпатлівай працы пошуку і творчага пераўтварэння даўніх вершаў, што сабраны ў новую кнігу «Шаги», пазнаёміла прысутных яго жонка, Маргарыта Бурсава.

Яна ж прачытала нізку вершаў з новай кнігі.

Натхнёна і шчыра прагучаў аналіз паэтычнай творчасці Івана Бурсава, з якім выступіла Любоў Турбіна, паэтка, перакладчыца (Інстытут літаратуры свету Расійскай Акадэміі Навук).

Іван Цярэшкавіч адкрыў рускамоўным чытачам малавядомую дасюль самабытную ярка вобразную паэзію беларусаў ХІХ стагоддзя. Атрымалася сапраўдная анталогія беларускай паэзіі 1794-1920 гадоў – буйны ўклад у беларусістыку, годны цэламу інстытуту.

Філалагічныя выкладкі яна трапна замацавала дэкламаваннем бурсаўскага перакладу “Пагоні” Максіма Багдановіча.

Пра шматгранную насычанаю паэтычным талентам мову Івана Бурсава выказаў свае думкі аматар беларускай паэзіі Якуб Шэгідзевіч.

Пра новы раман беларускага і расійскага пісьменніка Алеся Кажадуба «Дорога в Москву» распавёў сам аўтар, чым выклікаў, як і раней, актыўную цікаўнасць слухачоў.

Гэта ўжо ці не пятая кніга Алеся Канстанцінавіча, якую пісьменнік выносіць на абмеркаванне перш за ўсё беларусам Масквы.

Гэтак жа і паэт Іван Карэнда пасля шэрагу паэтычных зборнікаў прадставіў масквічам кнігу прозы «Воплаўская госця» і прадэкламаваў урывак з паэмы “Цені вайны”, што ўвайшла ў гэты зборнік.

Літаратар, знаўца беларускай паэзіі і літаратуры Іван Сабіла (сакратар Выканкама Міжнароднай супольнасці пісьменніцкіх саюзаў) даў высокую адзнаку прадстаўленным літаратурным творам, з асаблівай цяплынёй адгукнуўшыся на творчасць Івана Бурсава.

Пра 10-ты выпуск літаратурна-навуковага штогодніка “Скарыніч” распавёў каардынатар праекта Віктар Чайчыц.

Як і папярэднія выпускі праекта “Скарыніч”, юбілейны прысьвечаны тэме беларускай нацыянальнай самабытнасці і зьмяшчае раздзелы паэзіі, успаміны, мемуары, нататкі паэтаў, пісьменнікаў і літаратараў, міжнародны, гістарычны і аналітычны раздзелы, адраджэнне беларускай дзяржаўнасці ў 20-я гады ХХ стагоддзя.

Напрыканцы імпрэзы старшыня НКА “Беларусы Масквы” Сяргей Кандыбовіч вітаў вядомага навукоўца і пісьменніка Аляксея Каўку, ідэолага, аўтара і складальніка штогодніка “Скарыніч”, заснавальніка першага ў Маскве нацыянальна-культурнага таварыства імя Францішка Скарыны.

На вечарыне прысутнічалі супрацоўнікі Пасольства Рэспублікі Беларусь Валянціна Капусціна і Антаніна Сіманава, сябры НКА “Беларусы Масквы”, проста маскоўцы, каго цікавіць мінулае і сучаснасць Беларусі.

Зала Маскоўскага дома нацыянальнасцяў не змагла зьмясьціць усіх жадаючых прыняць удзел у вечарыне.

Дарэчы, каляндар сайта НКА “Беларусы Масквы” www.belmos.ru паведамляе, што сёлета ў ліпені у Любові Турбіной юбілей; Івану Бурсаву ў снежні будзе 85, Аляксею Каўку ў верасні – 75, Алесю Кажадубу ў верасні 60.

А гэта абяцае нам новыя творчыя сустрэчы з юбілярамі…

Раман Чырвонцаў,
НКА “Беларусы Масквы”





Распечатано с сайта "Белорусы Москвы": BelMos.ru