Белорусы Москвы: BelMos.ru
Новость проекта от 04.05.5015
Адрес в Интернет: https://www.belmos.ru/news.php?id=264 


Першы старшыня НКА “Беларусы Масквы”

1 мая 2015 г. споўнілася 80 гадоў з дня нараджэння Мікалая Іванавіча Шлягі - першага старшыні Нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Масквы".

Дзяцінства Мікалая Іванавіча прыйшлося на суровыя гады вайны, гэтая акалічнасць і паўплывала на выбар прафесіі: ён паступіў у ваеннае вучылішча ў горадзеКалінкавічы Гомельскай вобласці. Ад курсанта ён прайшоў вялікі і цяжкі шлях да пасады Першага намесніка Міністра абароны СССР - начальніка Галоўнага ваенна-палітычнага ўпраўлення Узброеных сіл Савецкага Саюза. Значную частку службы Н.І.Шляга правёў у злучэннях Беларускай ваеннай акругі і Групы савецкіх войскаў у Германіі. Галоўнай задачай сваёй воінскай службы Мікалай Іванавіч лічыў падтрыманне высокага маральнага духу войскаў, адрозніваўся самаадданасцю, імкненнем да канца даводзіць даручаную справу, прыстойнасцю, чулым і ўважлівым стаўленнем да падначаленых.

Пасля звальнення з Узброеных Сіл Н.І. Шляга мэтанакіравана вёў ваенна-патрыятычную работу па выхаванні падрастаючага пакалення абаронцаў Радзімы, прымаў дзейны ўдзел у грамадскім жыцці, спрыяў умацаванню дружбы паміж народамі Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Менавіта яму належыць ініцыятыва стварэння рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Масквы". У 1998 годзе амаль 60000. дыяспара абрала Мікалая Іванавіча Шляга першым старшынёй аўтаноміі. Цяперашнія актывісты аўтаноміі прызнаюць, што амаль шэсць гадоў яе працы пад яго кіраўніцтвам былі самымі плённымі. Усё яго жыццё было прасякнута добрымі справамі, гатоўнасцю дапамагаць людзям, незалежна ад іх чыноў і рэгалій.

Мікалай Іванавіч Шляга памёр 25 чэрвеня 2004 года і пахаваны на Траякураўскіх могілках у Маскве. Актывісты зямляцтва рэгулярна наведваюць месца пахавання. Чарговы такі візіт на чале з намеснікам Старшыні Савета Асамблеі народаў Расіі, старшынёй НКА "Беларусы Масквы" С.Л. Кандыбовічам адбыўся 1 мая, у дзень 80-годдзя Н.І.Шляги.




Распечатано с сайта "Белорусы Москвы": BelMos.ru