Белорусы Москвы: BelMos.ru |
|

“Пакровы” – старинный праздник белорусов
14 кастрычніка – «Пакровы» ("Пакроў") - рубежная дата ў народным і земляробчым календары беларускага народа. Свята фармавалася яшчэ ў дахрысціянскую эпоху і было звязана з заканчэннем восеньскага цыкла гаспадарчых работ. Менавіта да абрад "Пакровы" неабходна было скончыць усе палявыя справы, пераарать раллю, прыбраць у гародзе.
Пасля гэтага свята Зямлю трэба "замкнуць" на Зіму. А ўсе работы па гаспадарцы пераходзілі з "поля" на "двор" (малацілі збожжа, пачыналі малоць зерне на муку, апрацоўвалі лён – рабілі з яго "кастрыцу", адсюль і назва месяца па-беларуску - "кастрычнік», і да т.п.). Таксама на «Пакровы» «ставілі» кароў у хлеў, г.зн. іх ужо не выганяюць у поле.
Нашы продкі імкнуліся жыць у гармоніі з Прыродай. Яны былі ўважлівыя да яе асаблівасцяў і асноўных этапаў развіцця. Назва свята «Пакровы» звязана з тым, што звычайна ў гэты дзень мог выпасці першы снег і пакрыць зямлю сваёй белай «коўдрай». У беларусаў склалася мноства прымавак і прыказак. Большасць з іх неслі павучальны характар. Вось некаторыя прыклады:
«Прыйшлі Пакравы, пытаюць, да зімы ці гатавы?”,
“На Пакровы дай сена карове”,
“Пакровы пакрываюць траву лістам, зямлю – сьнегам, ваду – лёдам, а дзяўчат – шлюбным чэпкам”,
“На Пакровы зямля сьнегам пакрываецца, марозам адзяваецца”,
“Бацюхна Пакроў, пакрый нашу хату цяплом, а гаспадара дабром”,
“У Пакроў не пражывеш без дроў”,
“Пакровы весела правесьці, – значыць Сябра знайсьці” і т.п.
Вяселлі нашы продкі таксама пачыналі «гуляць» пасля «Пакроваў». Гэта звязана яшчэ і з тым, што ўсе самыя цяжкія палявыя работы зробленыя, ураджай сабраны, ёсць чым і «стол накрыць». Вяселлі праходзілі ад «Пакроваў» да пачатку «Піліпаўскага» посту (27 лістапада).
У сувязі з гэтым народная мудрасць абвяшчае: «Да Пакроваў усё павінна быць звезена з поля, а хлопец з Пакроваў каб гатовы быў жаніцца ...".
Каб правільна адзначыць «Пакровы», трэба выканаць тры асноўныя дзеянні.
Першае. Трэба спячы з новага ўраджаю Каравай. Сабраць гурт з "хлопцаў" і "дзевак" і хадзіць з восеньскімі «Пакроўскімі» песнямі ад хаты да хаты. Заходзячы ў чарговы двор, трэба гаспадарам хаты сказаць вітальныя словы з пажаданнямі дастатку, затым караваем дакрануцца да даху дома. Лічыцца, што «абярэгавы» Каравай абароніць дах дома гаспадара ад зімовых нягод: каб зімовыя ветры не садзьмулі дах, каб снег не праваліў насціл і да т.п. Гаспадары дзякуюць «Пакроўскі» гурт і адказваюць прадуктамі з новага ўраджаю (абавязкова тое, што здабыта з поля або гарода). І так «Пакроўскі» гурт ідзе ад хаты да хаты.
Другое. «Пакроўскі» гурт прыходзіць да поля каля вёскі і праводзіць Абрад «замыкання» Зямлі. З пэўнымі песнямі і рытуальнымі словамі закопваецца «ключ», зроблены з дрэва.
Трэцяе. Вясковыя «Хлопцы» выкрадаў адну іх дзяўчат з «Пакроўскага» гурта. Садзяць яе на каня і прывязваюць, «каб не збегла», і вядуць праз усё сяло, угаворваючы выбраць каго-небудзь з іх яе мужам. Дзяўчына павінна адмаўляцца. Прычым можа жартоўна «абражаць» хлопцаў, заўважаючы іх недахопы. Напрыклад, «ды ў цябе вунь гузіка няма, мне што ж з табой рабіць, – усё жыцьцё гузікі прышываць" ....
Гэты Абрад водгалас старажытнай традыцыі умыканьня нявесты. Але ў наш час ужо ніхто сілком дзяўчыну замуж не бярэ. Хоць можа, хто-небудзь з хлопцаў і «угаворыць» дзяўчыну пабрацца з ім. Але тады ён ужо па-сапраўднаму пасылае да яе бацькоў сватоў.
Алег Рудакоў

Распечатано с сайта "Белорусы Москвы": BelMos.ru