Белорусы Москвы: BelMos.ru
Новость проекта от 27.10.2015
Адрес в Интернет: https://www.belmos.ru/news.php?id=277 


Дзяды — свята беларускага календара

У дзень светлай памяці,

у дзень нашага духоўнага прасвятлення,

у памінальную Змітраўскую суботу

ўзгадайце імёны

сваіх родных і блізкіх,

знаёмых і суседзяў,

сяброў і калег па працы,

усіх тых, хто загінуў або сканаў

без усялякіх звестак,

усіх тых, за каго ніхто і ніколі

ўжо не памоліцца,

не вып’е чарку,

не прыйдзе на паклон да магілы.

Памяніце ўсіх тых,

хто некалі жыў

на зямлі нашай роднай Беларусі!

Дзяды — свята беларускага народнага календара, звязанае з памінаннем продкаў ("дзядоў"). У славянскай міфалогіі "дзядамі" таксама называюць душы продкаў. На Дзяды, згодна са шматвяковым вераваннем нашага народа, продкі нібыта выходзілі з царства мёртвых і наведвалі сваіх родных і блізкіх.

У Беларусі Дзяды адзначаюцца некалькі разоў на год: масленічныя, радаўніцкія, траецкія (духаўскія), пятроўскія, змітраўскія. Галоўныя — Восеньскія Дзяды (3мітраўскія, Вялікія, Асяніны, Тоўстая вячэра, Хаўтуры), яны адзначаюцца ў лістападзе. Афіцыйная дата ў дзяржаўным календары Беларусі – 2 лістапада. У цэнтры абраду — вячэра ў памяць памерлых сваякоў (калі ў Радаўніцу мы хадзілі «ў госці да сваіх продкаў», то на Восеньскія Дзяды мы запрашаем іх за свой стол). Рытуал Дзяды ў найбольш архаічнай форме захаваўся толькі ў беларусаў.

У гэты дзень усе хатнія мыліся ў лазні і пакідалі крыху вады і венік для Дзядоў. Жанчыны з самага ранку пачыналі падрыхтоўку да сустрэчы “шаноўных гасцей”. Вымывалі падлогу, вокны, сталы, вешалі на вокны лепшыя фіранкі. Да свята рыхтавалася ўся сям’я. Той, хто быў па неадкладных справах у ад’ездзе, спяшаўся да вечара вярнуцца дадому. Дарослыя і дзеці ўсюды наводзілі парадак: вымяталі смецце з двара, прыбіралі хату (асабліва старанна рытуальныя зоны жывых і памерлых: чырвоны кут і запечак). Апраналіся ў дзядоўскі вечар у чыстае святочнае адзенне.

Не шкадуючы прыпасаў, гатавалі вячэру. Продкаў трэба было добра пачаставаць, а потым і павесяліць, – тады, як лічылася, яны змогуць паспрыяць ва ўраджаі. У некаторых мясцінах на рытуал запрашалі гасцей (звычайна сваякоў, суседзяў, а часам і жабракоў). Перад тым як сесці вячэраць, гаспадар тры разы абыходзіў са свечкай стол, адчынялі вокны і дзверы і клікалі па імёнах продкаў.

Пасля малітвы ўсе падыходзілі да стала, але перш чым сесці самім, запрашалі зрабіць гэта дзядоў і бацькоў. Самі ж садзіліся за стол, не прыціскаючыся блізка адзін да аднаго: баяліся выціснуць памерлых продкаў, якія нібыта нябачна прымалі ўдзел у памінальнай вячэры.

Сервіроўка святочнага стала мае свае асаблівасці. На стале павінна адначасова прысутнічаць сімволіка няцотнасці як знак прысутнасці памерлых і цотнасці як сімвал жывых. Каб не пакрыўдзіць памерлых і не нашкодзіць жывым, на стол ставілі няцотную колькасць страў (павага для памерлых), але кожную страву падавалі на дзвюх талерках – для жывых. На памінальны стол ставілі сем, дзевяць, адзінаццаць страў, і кожны мог есці і піць, што яму падабаецца. Але на Дзяды бытавала традыцыйнае патрабаванне: выпіць тры чаркі гарэлкі ці віна за памерлых і паспрабаваць не менш як тры стравы.

Сярод страў былі варанае і смажанае мяса, бліны, клёцкі, кісель, гарох з макавым малаком, крупнік з грыбамі або рыбай, верашчака з каўбасой ды інш. На стол ставілі так званыя Дзедаўскую чарку і Дзедаўскую міску. У час вячэры гаварылі толькі пра продкаў, успаміналі іх жыццё, учынкі, добрыя справы, парады. Для малодшых членаў сям’і гэта быў своеасаблівы напамін пра свой радавод і яго паходжанне. Пасля вячэры гаспадар казаў: "Святыя Дзяды, вы сюды прыляцелі, пілі, елі, ляціце ж цяпер да сябе!" У многіх мясцінах на стале пакідалі рэшткі страў, бо лічылася, што душы продкаў будуць частавацца яшчэ да раніцы. Часам пасля вячэры весялілі Дзядоў. Былі песні, пляскі, маскарады. Пасля заканчэння вячэры свечку тушылі хлебнай скарынкай або блінам.

З-за стала ў гэты вечар уставаць не спяшаліся. Першым з-за памінальнага стала заўсёды падымаўся самы старэйшы член сям’і, а затым усе астатнія, прычым адначасова. Такія паводзіны тлумачыліся проста: той, хто першы ўстане з-за памінальнага стала, той першы і памрэ з гэтага роду. А таму казалі маладым: «Не спяшайся паперад бацькі ў пекла».

Кожны невядомы гук, рух у двары, хаце ці за сталом сведчыў аб прысутнасці дзядоў. Паводле павер'я, калі не спаць ноч пасля Дзедавай вячэры, то можна ўбачыць Дзядоў.

У некаторых рэгіёнах Беларусі на Дзяды наведваюць могільнікі — робяць прылады (нарубы, церамкі, каменныя пліты), абкладаюць магілы дзірваном, камянямі, ставяць крыжы. Пасля на магілах пакідаюць пачастунак. Часта ў гонар кожнага памерлага запальвалі асобнае вогнішча. 3 дому з печы прыносілі гарачыя вуголлі, якія насыпалі на магілы, а гаршкі разбівалі ўшчэнт.

Няхай школа памяці і ўшанавання нашых каранёў-вытокаў захаваецца і надалей, мацуючы разгалістую крону нашага радаводнага дрэва. У дзень светлай памяці, у гэты святы дзень памаліцеся за тых, хто адляцеў у Вечнасць, і пажадайце здароўя тым, хто ідзе па жыцці побач з вамі.




Распечатано с сайта "Белорусы Москвы": BelMos.ru