Белорусы Москвы: BelMos.ru |
|

100 год з дня нараджэння Міколы Ермаловіча
Беларускі гісторык, публіцыст, пісьменьнік і паэт Міко́ла Іва́навіч Ермало́віч нарадзіўся 29 красавіка 1921 года ў вёсцы Малыя Навасёлкі, Койданаўскі раён Мінскай вобласці.
У 1938 годзе скончыў Койданаўскую сярэднюю школу й паступіў на беларускае аддзяленне Мінскага педагагічнага інстытуту, дзе да пачатку 2-й сусветнай вайны скончыў тры курсы.
З прычыны дрэннага зроку быў вызвалены ад службы ў савецкай арміі. Быў эвакуяваны й працаваў настаўнікам расійскай мовы й літаратуры ў в. Лабаскі ў Мардовіі. У 1943 годзе вяртаецца ў Беларусь, дзе ў 1943—1944 гадох працаваў настаўнікам у Суражы Віцебскай вобласці, у 1944—1946 — у Койданаве Менскай вобласьці. З 1946 годзе аднаўляе навучанне ў інстытуце, які скончвае ў 1947, а ў 1947—1948 гадох вучыўся там жа ў аспірантуры.
У 1948—1955 працаваў старэйшым выкладчыкам беларускай літаратуры ў Маладэчанскім настаўніцкім інстытуце. Да 1957 загадваў мэтадычным кабінетам Маладэчанскага абласнога інстытуту ўдасканалення настаўнікаў. У выніку практычна поўнай адсутнасці зроку (- 27) - выйшаў на пенсію й да канца жыцця займаўся гісторыяй нашай радзімы...
Мікола Ермаловіч адкрыў нам вочы на сапраўдную гісторыю Беларусі, ён адзіны гісторык Беларусі, які, не маючы ніякіх навуковых званняў і вучоных ступеняў, з’яўляецца аўтарам уласнай, ужо многімі айчыннымі і замежнымі вучонымі прызнанай навуковай канцэпцыі ўтварэння Вялікага княства Літоўскага. Ён адкінуў ілжывы тэзіс расейскіх і летувіскіх гісторыкаў пра заваяванне беларускіх плямён у ХІІІ ст. жамойтамі — продкамі сучасных літоўцаў.
Працы Ермаловіча ў значнай ступені паўплывалі на фармаваньне сучаснай грамадзкай думкі й гістарыяграфіі Беларусі. Паводле палітычных матываў галоўныя канцэптуальныя працы Ермаловіча не маглі зьяўляцца ў афіцыйным друку. Таму рукапісы Ермаловіча ў 1970—1980-х хадзілі ў непадцэнзурным друку. . Толькі ад часу «перабудовы» свет пабачылі некалькі працаў Ермаловіча.
Асаблівую ўвагу Мікола Ермаловіч надаваў палітычнай гісторыі старажытных земляў Беларусі. Больш чым чатыры дзесяцігодцзі - з 1957-га па 2000-ы - даследаваў і вывучаў старажытныя беларускія летапісы, творы, іншыя гістарычныя крыніцы. «Ён, амаль невідушчы, расплюшчыў нам вочы на Беларусь»:
“Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае”
“літва” – гэта сярэднявечнае балцкае племя.
“Вялікае Княства Літоўскае” (1253-1795) – гэта сярэднявечная дзяржава, якая ўзнікла ў Верхнім Панямонні, а з цягам часу расшырылася ад Балтыйскага да Чорнага мора.
“ліцвіны” – гістарычная назва жыхароў цэнтральнай часткі ВКЛ, а ў шырокім плане – усіх насельнікаў ВКЛ, незалежна ад этнічнага паходжання.
“русіны” – жыхары ўсходнеславянскіх земляў ВКЛ.
“Летува” і “летувісы” – саманазва сучаснай балтыйскай краіны і народа, які там жыве.
“жамойты (жмудзіны)” – жыхары Жэмайціі (Жмудзі), продкі сучасных летувісаў.
Чалец Саюзу беларускіх пісьменнікаў з 1989. Жыў у Маладэчне.
“Гэта мы”: https://www.youtube.com/watch?v=8DWR3c3tc_g
Віктар Шніп - БАЛАДА МІКОЛЫ ЕРМАЛОВІЧА
Ён праз туман, нібыта праз стагоддзі,
І праз стагоддзі, нібы праз туман,
Ідзе няспешна, як па тонкім лёдзе,
Па нашым свеце, і гучыць сурма
Над ім у небе, і прастор святлее,
Як бездань, у якой наш Боскі дзень
Народзіцца і душы абагрэе
Усім, хто сёння праз зіму ідзе
І ў вечнасці зямной не прападзе,
Бо Ён ідзе праз княствы і праз войны,
Праз дым стагоддзяў і стагоддзяў пыл.
Ён, нібы неба над зямлёю, вольны,
І Ён самотны, як трава магіл,
Дзе нашае змаганне спачывае,
Ды спачывае толькі да пары,
Пакуль хто-небудзь зноў не загукае:
“У рукі, хлопцы, стрэльбачкі бяры!..”
І дойдзе Ён, бо ведае дарогу
Да Беларусі, дзе няма зімы,
Дзе белы снег нібы рамонкаў многа
Яму пад ногі накідалі мы...
22.03.2006

Распечатано с сайта "Белорусы Москвы": BelMos.ru