У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года былі расстраляны больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты – выбітных дзеячоў культуры, мастацтва і навукі. У ліку расстраляных у тую ноч – 22 беларускія пісьменнікі.
Жалю нябёс чорны бусел
Крылы раскінуў над светам, –
Чорная ноч Беларусі,
Ноч расстраляных паэтаў.
Як яны край свой любілі!
Як яму шчасця жадалі!
Светлых жа іх ачарнілі
І на пакуты аддалі.
Мілая сэрцу Айчына
Іх на паэмы натхніла,
Ды разлілася злачынна
Чорная ноч, як чарніла…
А як вайна тут навісла,
Так мужных іх не хапала
У барацьбе з ненавіснай
Чорнай фашысцкай навалай!
Воўчая сталінцаў зграя
Баль свой спраўляла так доўга,
Люд наш нявінны знішчала.
Чорнай была ўся эпоха.
І забываць гэта грэх нам.
Памяць, як праўда, святая.
Стрэлаў тых жудасных рэха
Сёння да нас далятае…